Герман Гесэ - знакаміты нямецкі пісьменьнік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі, напісаў свой раман "Сідхартха", захапляючыся культурай усходу, у прыватнасьці - Індыі. У ім распавядаецца пра духоўны шлях чалавека, які кожны самастойна абірае для сябе, пра чалавечыя цноты, маральны выбар і сяброўства.
"Сідхартха" - раман-прытча Германа Гесэ, у параўнаньні зь іншымі яго творамі, напрыклад, "Гульнёй ў бісер" напісаны больш простай мовай і ўспрымаецца значна лягчэй.
Галоўныя героі - Сідхартха і Гавінда - сябруюць з самога дзяцінства, але ў пэўны момант іх шляхі разыходзяцца. Калі Гавінда застаецца з Будай - прасьветленым - то Сідхартха абірае ўласны шлях, спрабуе ўсе спакусы жыцьця і замест палаца застаецца ў сьціплай хаціне паромшчыка, які ўмее слухаць Раку. Калі ў гэтай самай хаціне ён знаходзіць свайго сына, якога ня бачыў шмат гадоў, Сідхартха спрабуе данесьці да яго тую ісьціну, якая адкрылася яму, але, як ён сам казаў Гавіндзе, спасьцігчы яе можна толькі самастойна прайшоўшы ўвесь шлях.
Я раю прачытаць гэтую кнігу, калі вы цікавіцеся творчасьцю Гесэ ці ўсходняй культурай, раман невялікі і чытаецца лёгка, так што гэта выдатны выбар, калі вы шукалі, што, напрыклад, пачытаць на выхадных.
Аўтар: Арсеній Грода
|